Главная История Информация Контакты Новости Объявления Учащимся Родителям Учительская Наши достижения Библиотека Психолог
Электронная книга обращений Добавить в избранное (Internet Explorer)   Сделать стартовой (Internet Explorer)

22.02.2018

Кожны год 21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэты дзень быў абвешчаны UNESCO дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення. Сёння ў свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю, трэція – сваёй распаўсюджанасцю. Але ў кожнага чалавека павінна быць адна мова, якая завецца роднай.
         21 лютага 2018 года ў гімназіі было наладжана сапраўднае свята роднай мовы. Падрыхтоўку да гэтага дня гімназісты і настаўнікі пачалі загадзя: былі праведзены тэматычныя класныя і інфармацыйныя гадзіны, літаратурныя віктарыны, конкурс эсэ “Ода роднай мове”.  Гімназістамі і настаўнікамі была абрана эмблема прыхільнікаў беларускай мовы. Ёй стала адметная літара беларускага алфавіта – “Ў”.
       Распачаўся святочны дзень радыёгазетай “Мова беларуская мая!”, якую падрыхтавалі вучаніцы 10 класа Казак Крысціна і Гербіс Сафія. Працягнулася свята роднай мовы музычным перапынкам, падчас якога   гучалі музычныя кампазіцыі “Песняроў” на вершы беларускіх паэтаў (Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А. Куляшова, А.Ставера). На другім перапынку ў фае 2 паверха на імправізаванай пляцоўцы была арганізавана акцыя “Адкрыты мікрафон”. Кожны ўдзельнік акцыі змог выказаць свае адносіны да роднай мовы, паразважаць, чаму трэба вывучаць і ведаць сваю мову, узгадаць выказванні вядомых мовазнаўцаў пра ролю мовы ў жыцці грамадства, прачытаць вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя роднай мове. Вялікая колькасць удзельнікаў прымусіла арганізатараў працягнуць акцыю на трэцім і чацвёртым перапынку. Запамінальным стала выступленне вучня 11 класа Буткевіча Сцяпана, які прачытаў свой уласны верш “Песня роднай мове”.
          Працягнулася свята роднай мовы ў актавай зале, дзе адбылося паседжанне клубаў “Спадчына”, “Роднае слова” і “Садружнасць”. Членамі клуба для вучняў 6 і 7 класаў была праведзена інтэлектуальная гульня “Слоўка беларускае”. Ва ўступным слове вядучыя (Сакавец Аляксандр, Кудраўцаў Аляксандр, Галюк Усціна і Мінеева Валерыя) прыгадалі словы Цёткі (Алаізы Пашкевіч) пра “скарб, які ніхто і ніколі адабраць у нас не здолее, –  гэта любоў да Бацькаўшчыны, да свайго народа, да роднай мовы”. Па сямі раздзелах: “Максім Багдановіч”, “Пазнай пісьменніка”, “Загадкі-жарты”, “Кот у мяшку”, “Стравы беларускія”, “Назаві адным словам”, “Фразеалагізмы” - удзельнікі гульні змаглі ўзгадаць звесткі з гісторыі і культуры беларускай мовы і літаратуры. А з гледачамі быў праведзены конкурс “Сем падказак”. Гульня атрымалася цікавай і захапляльнай!
       У бібліятэцы гімназіі ў гэты дзень асаблівай папулярнасцю карысталіся беларускамоўныя выданні. Для ўсіх наведвальнікаў бібліятэкі працавала тэматычная выстава “Родная мова – крыніца натхнення пісьменнікаў”, а для вучняў пачатковай школы бібліятэкарам Львовай Т.Я. была праведзена гадзіна роднай мовы “Персанажы беларускіх кніг у нас у гасцях”.
          Дзякуючы намаганням настаўнікаў гімназіі Дзень роднай мовы ў гімназіі прайшоў святочна і незабыўна. І як запавет гучаць для нас сёння словы Францішака Багушэвіча: “Не пакідайце ж мовы нашай роднай, каб не ўмёрлі”.
Юлія Пятакова, намеснік дырэктара по вучэбнай рабоце

ДУА “Гімназія №1 г.Барысава” 

  

Песня роднай мове

 
Любіць яе нікога я не заклікаю –
Лічы яе сваёй – чужой…
Я ж роднай мове песню заспяваю,
Я верш свой прысвячаю ёй.
 
А застанецца ў цябе пытанне:
“Дык што ж такое на Радзіме мова?”
Адказваю перакананнем,
Што гэта моцнае паэтаў слова.
 
Калісьці тут тварыў Купала,
Пісаў ён так, што дух займала.
Загінуў….
Але мова не ўпала!
 
Яго паплечнік слаўны Якуб Колас,
Мовы мастак, сапраўдны беларускі голас!
Гучыць, як гром, паэма “Новая зямля”,
Цвіце, як лотас, мова родная мая.
 
Заўсёды ў сэрцы маці, бацька, мова!
Красуйся вечна, роднае слова!
 
Буткевіч Сцяпан, 11 “Б” класс
ДУА “Гімназія №1 г.Барысава”